Людзьмі звацца
 

Янка Купала… Творчасць вядомага беларускага народнага Песняра ўжо даўно выйшла за межы адной Беларусі. Паэзію паэта ведаюць у многіх краінах свету, яго творы перакладзены на дзесяткі моў.
На гэты год прыпадае своеасаблівы юбілей – 95-годдзе верша Я.Купалы “А хто там ідзе?”, верша, які займае асаблівае мейсца ў творчасці паэта ды ўвогуле ў гісторыі беларускай літаратуры.
Упершыню верш быў надрукаваны ў паэтычным зборніку Янкі Купалы “Жалейка” (1908 г.). І адразу, як толькі зборнік выйшаў у свет, у чэшскім, украінскім, польскім друку на яго з’явіліся добрыя водгукі, у асобнасці на верш “А хто там ідзе?”. Верш, які літоўскі паэт Л.Гіры назваў “сапраўднай пярлінай сусветнай паэзіі, адным з найпрыгажэйшых гімнаў адраджэння”, - гэта шчырасць, прастата, задушэўнасць сапраўды народнай купалаўскай паэзіі. І не дзіўна, што верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?” стаў самасцвярджэннем не толькі беларускага народа, а і цэлага шэрага іншых. Знешняя прастата, агульнадаступнасць і песенны характар верша наблізілі яго да гімна, які быў блізкі і даступны ўсім. Ён аднолькава добра ўспрымаўся і ў Беларусі, і ў Польшчы, і ў Расіі, і на Украіне.
Асабліва папулярным верш быў на Украіне – ён шырока распаўсюджваўся як у перакладах, так і ў арыгінале (у 1909 годзе верш быў апублікаваны на беларускай мове ў газеце “Рада” і часопісе “Рідний край”). А на адным з вечароў у Палтаве ў 1916 годзе чытанне на беларускай мове верша “А хто там ідзе?” выклікала ўключнае ўражанне – словы беларускага песняра пра свой народ былі добра зразумелымі ўкраінцам.
У 1910 годзе кампазітар Людамір Рагоўскі паклаў верш Я. Купалы “А хто там ідзе?” на музыку, і яго як неафіцыйны гімн беларускага народа ва Усходняй Беларусі выконвалі да 1917 года, а ў Заходняй – да 1939. А газета “Наша ніва” надрукавала верш з нотамі Л.Рагоўскага асобнай улёткай і выпусціла яе ў 1910 годзе.
Верш быў такім папулярным, што яго адразу пачалі перакладаць на розныя мовы. Па-гэтаму, калі з’явіліся ідэя – да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы выдаць асобнай кнігай пераклады верша “А хто там ідзе?”, адразу пачалася праца па збору гэтых перакладаў. Складальнікі кнігі Я.Ю. Раманоўская і В.Рагойша завязалі перапіску з перакладчыкамі з розных краін свету, каб тыя дапамаглі перакласці верш на тыя мовы, перакладаў якіх яшчэ не было. Апроч гэтага вялася вялікая праца па адбору лепшых перакладаў, бо на некаторыя мовы верш быў перакладзены рознымі аўтарамі. Так па шэсць перакладаў верша было на ангельскую, польскую, украінскую мовы, па чатыры на рускую і венгерскую, па тры на нямецкую, італьянскую, чэшскую. Для вызначэння лепшага перакладу звярталіся па дапамогу да вядомых паэтаў і пісьменнікаў, якія дапамаглі вызначыць больш якасны пераклад.
Перакладам займаліся самыя вядомыя і таленавітыя людзі СССР і замежжа. Пры гэтым многія з іх лічылі за вялікі гонар і шчасце тое, што па пераклад верша Янкі Купалы звярнуліся менавіта да іх.
Вось толькі адзін момант з працы над кнігай “А хто там ідзе?”, які прыгадала Ядвіга Юльянаўна Раманоўская: “У 1978 годзе я адпачывала ў Сочы, а заадно працавала і над адборам перакладаў. Яшчэ з Менска мы, з Вечаславам Рагойшам, адаслалі ліст да Баграта Васільевіча Шынкубы, народнага паэта Абхазіі, з просьбай перакласці верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?” на абхазскую мову. І ў Сочы я вырашыла з ім звязацца, каб даведацца наконт перакладу. Праз даведку даведалася яго хатні тэлефон і патэлефа-навала. Трубку падняў сын Баграта Васільевіча, я прадставілася і паведаміла прычыну званка, пасля чаго ён паклікаў да тэлефона бацьку. Б.В. Шынкуба пасля кароткай размовы, у якой паведаміў, што пераклад ужо гатовы і скора выйдзе часопіс, дзе ён будзе змешчаны, запрасіў мяне прыехаць да яго ў госці ў Сухумі.
Апроч справы з перакладам у мяне яшчэ была адна – расшыфраваць фотаздымак “Янка Купала з групай адпачываючых у Сухумі”. Пра што я і паведаміла Баграту Васільевічу, а ён, сказаўшы што дапаможа і з гэтым, яшчэ раз запрасіў да сябе. Тады я запыталася як мне яго знайсці, на што ён адказаў, што мяне сустрэнуць і прывядуць да яго на працу ў Вярхоўны Савет Абхазскай ССР, старшынём якога ён з’яўляецца. Мяне сапраўды ў Сухумі сустрэў супрацоўнік Вярхоўнага Савета і правёў да Баграта Васільевіча.
Павітаўшыся і распытаўшы як мае справы, Б. В. Шынкуба перадаў мне часопіс з перакладам верша Я.Купалы “А хто там ідзе?” на абхазскую мову і дапамог з фотаздымкам.
Пасля выхаду ў 1983 годзе кнігі, я некалькі яе экзэмпляраў адразу адаслала ў Сухумі да Баграта Васільевіча Шынкубы.
Прайшло ўжо больш дваццаці год, а гэтая незабыўная сустрэча і сёння ў маёй памяці…”.
У 1983 годзе кніга “А хто там ідзе?”, дзе было змешчана 82 пераклады верша, пабачыла свет.
А ў гэтым годзе, з нагоды юбілею верша, у 111 школе-гімназіі музей ладзіў мерапрыемства, прысвечанае 95-годзю верша Янкі Купалы “А хто там ідзе?”. Імпрэза праводзілася з вучнямі 10-х класаў, якія якраз у гэтым годзе і вучаць гэты верш. На ёй вучняў больш глыбока пазнаёмілі з гісторыяй верша, з яго значэннем для беларускага народа. Гутарка таксама вялася і вакол выдання кнігі перакладаў гэтага верша. А ў канцы мерапрыемства вучні чыталі верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?” на розных мовах.

У.Д.Кухта, навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Янкі Купалы.
 

Hosted by uCoz